Свободный Профсоюз Металлистов
Свободный Профсоюз Металлистов
Организация независимого профсоюзного движения
Членская организация Ассоциации профсоюзов
«Белорусский Конгресс демократических профсоюзов»



У Светлагорску смярдзіць, а Лукашэнка націскае кнопку



«Уратуйце!» Дзень і ноч у Светлагорску і Якімавай Слабадзе перад афіцыйным пускам смярдзючага завода

 Андрусь ГАЁВЫ 16.02.2020

 

Рэспіратарная маска на ўсялякі выпадак побач з падушкай разасланага ложка. На гадзінніку 22 гадзіна ночы. Пакуль паху ад завода ў Якімавай Слабадзе не чутна – вецер дзьме не на вёску, а ў бок Бярэзіны. Але Людміла рыхтуецца да горшага. Бо прызвычаілася. Учорашнюю ноч правяла ў такой самай масцы і бірушах. Назаўтра Лукашэнка націсне на чырвоную кнопку і афіцыйна запусціць завод, які працягне труціць жыхароў Светлагорска і прылеглай вёскі.

Рытуальная касьба і кантрольны аб’езд

Гэта 13 лютага 2020 года. Светлагорск цэлы дзень у чаканні. Зраніцы ў лясах, сярод якіх бялеюць жылыя кварталы горада, яшчэ касілі траву з-пад снега – гэта, відаць, такі рытуал перад прыездам «вышэйшай службовай асобы», прычым, незалежна ад пары года. Магчыма, прыкмета, якая засцерагае начальнікаў, каб не пазвальняў і не пасаджаў у турмы.

Фота Алены Маслюковай

А недзе з абеду ў горад прыехаў вялічэзны картэж чорных аўтамабіляў з таніраваным шклом і «сямёркамі» ў нумарах у суправаджэнні ажно трох ДАІшных іншамарак таксама з мінскімі нумарамі і пачаў аб’язджаць горад, правяраючы «гатоўнасць».

Нам гэты картэж трапіўся каля раённай лякарні, куды мы разам з каардынатаркай ініцыятыўнай групы супраць шкоднага завода Аленай Маслюковай зайшлі, каб пабачыць тамтэйшую паказуху. У невялічкі дворык медустановы, разганяючы хворых, уехала гэтая чорная чарада і яе пасажыры пайшлі па калідорах. Людзі, якія ляжаць у лякарні, ужо адпісаліся ў гарадскіх чатах, што ў пачатку тыдня літаральна за ноч адрамантавалі да таго аблезлую рэанімацыю. Дагэтуль у аддзяленнях пахне фарбай.

Праграма наведвання даўно ўсім вядомая. Лякарні ў ёй няма, але – ці мала што?! У горадзе ўсе ведаюць, што «яго» (менавіта так у размовах кажуць светлагорцы) павязуць на ЗБЦ, на домабудаўнічы камбінат і на завод жалезабетонных вырабаў і канструкцыяў. А ў рэпартажы пра візіт БелТА напіша, што «прэзідэнт нечакана змяніў маршрут», заехаўшы на ДБК.

Пытанні «што рабіць?» і страх

А 19-й гадзіне светлагорскія актывісты, якія спрабуюць уратаваць горад ад гэтай смярдзючай навалы, збіраюцца, каб абмеркаваць справу змагання з хлуснёй чыноўнікаў.

«За тыдзень, што мінуў ад нашае апошняе сустрэчы, мы накіравалі ў розныя інстанцыі 9 зваротаў. Таксама атрымалі шмат адказаў. Галоўны з іх – адказ на зварот Ганны Сомавай ад гендырэктара СЦКК Юрыя Крука. Ён піша, што ўсе зацікаўленыя органы падпісалі ўзгадненні на ўвод завода у эксплуатацыю», – паведамляе каардынатарка ініцыятыўнай групы Алена Маслюкова.

«Як яны маглі падпісаць, калі ні Мінпрыроды, ні Мінздароўя не вымяраюць выкіды гэтага самага смярдзючага меркаптану? А галоўная санітарная доктарка Беларусі Наталля Жукава нас на прыёме запэўнівала, што яна ніколі ні пад якім прымусам не падпіша дазвол, калі не будзе мець дакладных сведчанняў, што выкіды ў норме. Атрымліваецца, яна верыць таму, што ім намераў завод?» – кажа Ганна Сомава.

«Трэба пісаць зноў – пытаць на падставе якіх дадзеных Мінздароўя і Мінпрыроды ўзгаднілі ўвод», – вырашае Маслюкова.  

«Добра было б, каб заўтра з раніцы тыя ж слабадцы, светлагорцы прыйшлі да прахадной завода і чакалі яго. Але ж…», – разважае іншы актывіст Анатоль Змітровіч.

Калі я дастаю здымач, каб сфатаграфаваць удзельнікаў сходу, нават многія з ініцыятыўнай групы ўцякаюць з пакоя.

 «Ну вы ж разумееце,  працую на дзяржаўным прадпрыемстве. Проста не магу быць абыякавым, таму дапамагаю, але страціць працу не хацелася б. А яно вельмі нават рэальна», – тлумачыць потым малады хлопец.

Сон у рэспіратары і людзі-флюгеры

Страх і ў жыхароў Якімавай Слабады, куды даязджаю бліжэй да 21 гадзіны. Дарогаю бачу, што клубы дыму і пары ад завода, якія ў промнях ліхтароў ствараюць сюрэалістычнае відовішча, зносіць на поўнач у бок ракі.

Людміла жыве на другім паверсе ў двухпавярховіку амаль у цэнтры вёскі. Яна таксама баіцца. Просіць не фатаграфаваць яе твар і не называць прозвішча.

«Сын працуе на тым самым ЦКК, у складзе якога і гэты завод збудавалі. Яму так і сказалі – калі твая мама не заткне рот, кантракт не працягнем. Я і так – падпісваю калектыўныя звароты, тэлефаную ў розныя органы, але за кожны голас у СМІ сыну “прылятае”», – распавядае Людміла.

Заўважаю той самы рэспіратар на ложку. Пытаю, ці сапраўды даводзіцца спаць у гэтай масцы.

«А вы не верыце? Вось шкада, што вы ўчора не прыехалі. Сёння вецер змяніўся. А ўчора недзе а дванаццатай ночы, па-першае, пачаўся страшэнны гул. А потым і засмярдзела. Яны, відаць, пад моцным ціскам выкідаюць у паветра ўсялякую гэтую брыдоту. Я спачатку надзела гэтую маску. Вушы затыркнула бірушамі і другой падушкай накрыла ды спрабавала заснуць. Але – немагчыма было. У мяне вокны драўляныя, старыя – усё ў кватэру лезе. Нават у тых, дзе шклопакеты, пах адчуваецца, а ў мяне – нават і праз гэты “наморднік” смярдзіць, хоць і не так моцна. А як спаць у масцы? Гэта ж здзек проста, катаванне! І без яе кепска – раней ноч пераначую ў смуродзе, пачынаюць вочы чырванець з раніцы, у носе крывавыя струпікі ўтвараюцца. Таму, накупляла гэтых масак паболей», – кажа Людміла.

Раніцай яна патэлефанавала ў санстанцыю. Галоўнага доктара Аляксандра Лугінца не было, размаўляла з нейкай супрацоўніцай. Папрасіла перадаць, што раней яна саромелася турбаваць галоўнага доктара ўночы, бо культура не дазваляла, а цяпер – трыванне скончылася.

«Я не сплю, то хай і ён не спіць. Хай сумленна выконвае свае абавязкі ўдзень, калі не хоча турботаў уночы!», – роспачна кажа Людміла.

Ліставанне Людмілы з рознымі дзяржаўнымі інстанцыямі

Гадзіннік паказвае пачатак на 23-ю. З завода праз зачыненыя вокны даносяцца нейкія шумы – то гудкі цягніка, то нейкі лязгат, то піск нейкага сігналу. Але Людміла кажа, што ў параўнанні з мінулай ноччу – гэта цішыня.

А я вырашаю, што трэба ўжо даць жанчыне спакою – можа хоць у гэтую ноч яна выспіцца. Развітваюся, ды іду да іншай жыхаркі вёскі, якая па тэлефоне таксама пагадзілася паразмаўляць. Яе таксама завуць Людміла і яна ад парогу адразу таксама просіць пра канфідэнцыйнасць. У яе ў вокнах стаяць шклопакеты. Таму, яна кажа, што рызыка таго, што знянацку накрые смуродам меншая. Але ж ён з’яўляецца без папярэджання.

«Мы ўжо сталі як флюгеры – толькі і сочым куды вецер, куды дымы з завода, ці можна адчыніць акно. А як толькі прагледзеў рэзкі разварот на вёску, не зачыніў шыбу – назаходзіць смуроду ў хату, і не выганіш жа ніяк, бо, пакуль смярдзіць на вуліцы, акно не адчыніш», – кажа іншая Людміла.

Яна распавядае, як днямі ў дзіцячым садку дзетак павялі на шпацыр і адчынілі вокны для праветрывання. Аж тут садок накрыла смуродам. Выхавацелькі зараз жа прабеглі з дзецьмі назад у групы, а там таксама ўжо смярдзіць.

Выгляд на завод з цэнтру вёскі Якімава Слабада

Позняя гадзіна прымушае мяне пакінуць і гэтую спадарыню ў спакоі. Я накіроўваюся бліжэй да завода. Туды, куды дзьме вецер. Пад’ехаўшы разам з актывістам ініцыятыўнай групы Андрэем Смаленчуком, бачу, як белымі з ружовымі адценнямі клубамі пары літаральна накрывае дарогу. Выйшаў з машыны, каб зняць гэтае відовішча. Але, знаходзіцца па-за машынай проста немагчыма. Пах вельмі моцны. І сапраўды нагадвае пах гнілой капусты. Толькі тут – вельмі вялізнай яе колькасці. Заскокваю ў машыну. І не разумею – ці то і ў ёй таксама ўжо моцна смярдзіць, ці гэта мае валасы і адзенне набраліся гэтага брыдкага паху.

Раніцай недзе каля 10-й гадзіны тэлефануе з Якімавай Слабады Людміла, у якой я быў увечары, і кажа:

«Прыляцеў! Верталёт толькі што праляцеў над Слабадой – нізка, амаль па-над самымі дахамі. Як жа мы не дацямілі – трэба было напісаць і пакласці на плошчы каля магазіна вялікую расцяжку: “Уратуйце!”»

P.S. Падчас наведвання завода беленай цэлюлозы, як паведамілі дзяржаўныя СМІ, Лукашэнка спытаў ці няма «дурнопахнущего». Але, не ў жыхароў Якімавай Слабады, а ў старшыні канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрыя Назарава, які прыехаў на завод з Мінску. І ён запэўніў, што ўсё добра, інакш мінскія ж ведамствы не падпісалі б ім дазвол на ўвод.




16.02.2020











spbpolack.ru – Свободный профсоюз - Полоцк.



Белорусский конгрес демократических профсоюзов -  www.bkdp.org




Представляем вашему вниманию статьи, отображающие мнения конкретных людей - это профсоюзные активисты, политики и просто не равнодушные...

Все статьи »



Свободный профсоюз металлистов (СПМ)объединение работников отраслей народного хозяйства
связанных с металлом.



Главная  |  О профсоюзе  |  Газета «Рабочее слово»  |   Фотоархив  |  Контакты

При перепечатке материалов, активная ссылка на сайт обязательна.
Copyright © 2006-2020


Контакты
Республика Беларусь
г.Минск, ул.Якубова, 80-80
Наши телефоны: +375 (29) 6238204, +375 (29) 3405570
CMS Status-X