Свободный Профсоюз Металлистов
Свободный Профсоюз Металлистов
Организация независимого профсоюзного движения
Членская организация Ассоциации профсоюзов
«Белорусский Конгресс демократических профсоюзов»



“Начальства просіць пацярпець”




 
Калектыў найбуйнейшага ў Гомелі  аб’яднання – ААТ   “Гомсельмаш” – зноў  перажывае не лепшы час.  2020 год, як публічна заяўляюць на прадпрыемстве, будзе  годам для “прыняцця і рэалізацыі няпростых рашэнняў”.
Пачаўся  новы год на “Гомсельмашы” з вострага дэфіцыту абаротных сродкаў. Толькі спажыўцы Расійскай Федэрацыі завінаваціліся за раней пастаўленую прадукцыю 169 мільёнаў долараў.  Заўважна знізіліся аб’ёмы продажу з прычыны ўзмацнення канкурэнцыі на рынку вытворчасці зерне- і кормаўборачнай тэхнікі. Тая ж Расея, дзе збывалася найбольшая частка гомсельмашаўскай прадукцыі,  стала  праз дзяржаўныя датацыі моцна падтрымліваць сваіх вытворцаў – яе сельгасарганізацыі набываюць сваю тэхніку са значнымі зніжкамі.
Ускладняецца сёлета сітуацыя ў арганізацыях холдынга “Гомсельмаш” і ў сувязі з іх высокай закрэдытаванасцю і неабходнасцю пагашаць бюджэтную пазыку.
Усе гэтыя ды некаторыя іншыя акалічнасці і змусілі кіраўніцтва “Гомсельмаша” пачаць сёлетні працоўны год толькі 13 студзеня і аб’явіць  выходнымі днямі ўсе наступныя пятніцы першага месяца.
Я меў папярэднюю дамову  атрымаць каментарый ад намесніка генеральнага дырэктара па ідэалогіі, кадрах і сацыяльных пытаннях Аляксандра Канапацкага, але часу ў яго на гэта, на жаль, не знайшлося.  Таму пацікавіўся ў шараговых працаўнікоў ААТ “Гомсельмаш”, як успрынялі яны новыя выпрабаванні, што думаюць пра эканамічную сітуацыю на прадпрыемстве і ў краіне.
 
Уладзімір, слесар-зборшчык: “У студзені выйшаў на працу 13 студзеня. З таго часу паціху працуем – па чатыры дні на тыдзень. У пятніцу – выходны. За вымушаны выходны абяцаюць плаціць дзве траціны ад тарыфа  ці аклада. Сам я на “здзельшчыне”, па прынцыпу – дастань ды пакладзі на стол. Кваліфікацыю, канечне, улічваюць. Абяцаюць не пакрыўдзіць і нас, хто працуе па ўмове. Нам не прывыкаць.  Як раней жылося, так і цяпер. Для мяне – нармальна”.
 
Аляксандр, фарбавальны цэх: “Год цяжкавата пачаўся. Плана няма, заказаў бракуе. Я – пачасавік. Заробак, канечне, зменшыцца, бо  робім не поўны месяц. Раней у мяне 700 рублёў выходзіла. Зараз, я думаю, на 150-200 рублёў будзе менш. Начальства просіць пацярпець. Маўляў, іншага выйсця няма – ва ўсёй краіне складаная сітуацыя. Пацерпім. Я тут ужо сорак гадоў працую. Праз паўгода мне на пенсію. Нікуды ўжо не пойдзеш – няма сэнсу куды-небудзь кідацца”.
 
Ананім з цэха мастоў: “Дзякаваць богу,  ужо працуем. Прадукцыю толькі не можам пакуль рэалізаваць. Раней у лізінг аддавалі ці нават падарункамі сельскай гаспадарцы. Я так разумею, што з фінансамі цяпер туга. Пры нармальнай загрузцы атрымліваў 900 рублёў. Зараз што будзе, не магу сказаць, бо не ведаю”.
 
Юрый, аператар:  “Працуем – хто больш, а хто менш. У мяне праца ёсць. Заробак яшчэ не атрымліваў –  квіткоў жа яшчэ не давалі, у наступным месяцы даведаемся. Даводзіцца прыстасоўвацца, бо ісці асабліва няма куды. Тут усё ж вялікі калектыў. Адмахнуцца ад нас не так проста”.
 
Эканаміст, якая не схацела назваць сваё імя: “Мы за свой кошт былі ў адпачынку да 13 студзеня. Рабочыя, яны яшчэ могуць штосьці патрабаваць. А ІТР сядзі  і маўчы. Не падабаецца – звальняйся. Нешта не бачна, каб справы наладжваліся. Складаней стала закупляць метал, камплектуючыя.  Усё ўпіраецца ў фінансы”.
 
Вядома, што “Гомсельмаш”, дзе працуе звыш 8 тысяч чалавек, заняты зараз  дыверсіфікацыяй рынкаў збыту, каб павялічыць продаж прадукцыі ў краінах бліжняга і далёкага замежжа і такім чынам кампенсаваць страты ад зніжэння выручкі  ў Расіі, Казахстане і ва Украіне.
Навукова-практычны цэнтр камбайнабудавання АТТ “Гомсельмаш” заявіў пра выпрабаванне амаль двух дзесяткаў узораў новай тэхнікі. Гэта камбайны, энергасродкі, жаткі,  у тым ліку ротарны збожжаўборачны   камбайн КЗС1119Р. Выпушчана першая прамысловая партыя камбайнаў КЗС-3219КР, на канвееры КЗС-1624 на паўгусеніцах.
У студзені  2018 года паведамлялася, што 60–75 адсоткаў акцый АТТ “Гомсельмаш” маецца купіць кітайская кампанія “Цзуншэнь”. Дзяржава прапаноўвала акцыі холдынга ў абмен на інвестыцыі ў 500 мільёнаў долараў. Але кітайцы ўрэшце адмовіліся, паколькі беларускі бок патрабаваў захававаць наяўныя віды дзейнасці, зрабіць мадэрнізацыю ды некаторыя іншыя абавязковыя ўмовы.
Летась у кастрычніку  Аляксандар Лукашэнка заяўляў ужо пра дамову з кіраўніком Казахстана Касым-Жамартам Такаевым наконт продажу буйнога пакету акцый “Гомсельмаша”. На наступны  дзень дзяржаўнае інфармагенства БелТА паведаміла, што ў Казахстане гатовыя інвеставаць  50-120 мільёнаў долараў у стварэнне вытворчасці кампанентаў для беларускага “Гомсельмаша” замест куплі пакета акцый холдынга. Але больш ніякай інфармацыі не было.
                                                                     Анатоль ГАТОЎЧЫЦ.
Газета “Народная воля”, №9, 31 студзеня 2020 г.




10.02.2020











spbpolack.ru – Свободный профсоюз - Полоцк.



Белорусский конгрес демократических профсоюзов -  www.bkdp.org




Представляем вашему вниманию статьи, отображающие мнения конкретных людей - это профсоюзные активисты, политики и просто не равнодушные...

Все статьи »



Свободный профсоюз металлистов (СПМ)объединение работников отраслей народного хозяйства
связанных с металлом.



Главная  |  О профсоюзе  |  Газета «Рабочее слово»  |   Фотоархив  |  Контакты

При перепечатке материалов, активная ссылка на сайт обязательна.
Copyright © 2006-2020


Контакты
Республика Беларусь
г.Минск, ул.Якубова, 80-80
Наши телефоны: +375 (29) 6238204, +375 (29) 3405570
CMS Status-X