


РАЗБУРЫ ТУРМЫ МУРЫ!
Мне пашанцавала ўдзельнічаць у святкаванні 20-х угодкаў з дня стварэння Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў. Многія любяць казаць, маўляў, 20 гадоў – гэта ўсяго толькі імгненне… Няхай сабе і так, але гэта імгненне дало нам і ўвабрала ў сваю біяграфію, усплёск дэмакратыі, прэзідэнцкую пасаду і асобу на гэту пасаду, шэраг сумніўных рэферэндумаў і не менш сумніўных выбараў, усталяванне дыктатуры, страшэнны ўціск на дэмакратычныя прафсаюзы ўвогуле і на кожнага свабоднага члена прафсаюза паасобку… Яшчэ тое імгненне!
Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў – дзіця рамантыкаў і прагматыкаў адначасова, якія мелі немалыя сілы і веру ў тое, што монстру ў выглядзе Федэрацыі можна зрабіць замену.
Бацькі-заснавальнікі стараліся не дарэмна. Карабель з годным і гордым назовам Кангрэс не толькі гойдаецца на хвалях часу, але і стараецца плыць, дзейнічаць, паказваць грамадзе, што задушыць дэмакратычны рабочы рух немагчыма, не гледзячы на тое, што занадта многа ахвотнікаў прасвідраваць у ягоным корпусе дзірку.
Калі б у мяне была магчымасць прамовіць тост з нагоды свята, то я б падзяліў яго на некалькі параграфаў (няхай не пужае гэты бюракратычны сімвал):
- За рабочага чалавека! Бо на тых, хто стругае, капае, возіць, апускавецца ў шахту, вытачвае і круціць гайкі трымаецца ўсё. Пры любым рэжыме;
- За бацькоў-заснавальнікаў Кангрэса!
- За Зміцера Вайцюшкевіча! Гэта таленавіцейшы музыка і аўтар. У нас няма міністраў культуры, ёсць подмазкі, бо трымаць такога артыста ў чорным целе, могуць толькі ворагі культуры, ворагі беларускасці.
- За тых, хто запрасіў Зміцера Вайцюшкевіча!
- За малыя перамогі, якія павінны прывесці нас да вялікай!
Арганізатары свята пастараліся, каб у нас была магчымасць узгадаць гісторыю, паслухаць легендарных людзей і адчуць еднасць!
Ганьбіць жа усё і ўсіх у нас хапае, з пераборам.
У адной з песен, што ўзбудзіла людзей,быў рэфрэн: “Разбудзі турмы муры, Хочаш свабоды, то бяры!”
Дакладней не скажаш. Раней яшчэ спявалі, што ніхто не дасць нам вызвалення, ні бог, ні цар і ні герой.
Сапраўды, хочаш свабоды, то дамагайся яе.
Андрэй ВАСІЛЕВІЧ
07.12.2013 |