Свободный Профсоюз Металлистов


http://www.spm-by.org/news/1/1730/s-h-u-chemp-ny-a-naksh-nyama-chago-shvendatstsa-pa-chemp-yanatah/

Версия для печати / Оригинальная версия






Усіх - у чэмпіёны. А інакш няма чаго швэндацца па чэмпіянатах!



Учарашні вечар на Беларускім тэлебачанні – дапамога зразумець, чаму Аляксандр Лукашэнка хацеў бы глядзець толькі айчынныя перадачы.  Там жа скрозь  любоў: альбо ён сам, альбо пра яго, мудрага, клапатлівага… Расійскія тэлеканалы спецыялізуюцца апошнім часам на распальванні нянавісці да Украіны і ўсяго свету, калі-нікалі дазваляюць сабе з’едліва смяяцца з галоўнага саюзніка. Каму ж такое спадабаецца?!
 Вытрымаць цэлы вечар у тэлевізара няпроста. Праграма навін “Панарама” – бенефіс Аляксандра Рыгоравіча.
Дзіўны выбар тэмы: зімовыя віды спорту. Прымаўка “Рыхтуй сані летам…” нічога не выратоўвае. Ідзе вясновая сяўба. Усе наяўныя сілы нядаўна былі кінуты ў калгасы, з інспекцыяй. Усё ў адно імгненне праверылі і выправілі? Не думаю.
Пракуроры начале з генеральным нарасхват. І ў калгасах яны былі на першых ролях. І ў спорце Канюк названы ледзь не галоўным збавіцелем ад усіх хібаў.Варта  было прызначыць яго адказным за лыжны спорт, як экіпіроўка аднаго спартоўца адразу патаннела на 1 тысячу долараў. Во як, а калі б тых лыжнікаў было мільён?!
Аляксандр Лукашэнка бэсціў усё і ўсіх, апроч сябе, зразумела. Нават  перамогу біятланістак  у Пхёнчангу збэсціў, маўляў, абышто было.
Адзінае, што заслугоўвала ўвагі ў доўгай і тлумнай нарадзе, спорт, лепш, фізкультура, у школе. Але пра яе ў тэлерэпартажы сказалі нешта няўцямнае, з наказам міністру разабрацца.
Усё астатняе пад лозунгам: “Вы едзеце туды заваёўваць мядалі! Спорт, як нішто, яднае нацыю! Жэстачайшый спрос!” – выглядала непатрэбным спектаклем.
Сам падыход: не ўдзельнічаць, а выгрызаць зубамі медалі, - нагадвае…не ведаю, ці варта пісаць, што ён нагадвае, каб не крыўдзіць паперу і людзей, якія паднявольна выслухоўвалі верхавода.
Неяк ізраільскі дыпламат гаварыў, што ў яго краіне мала чэмпіёнаў, але многа нобелеўскіх лаурэатаў. І ніхто ад сораму ў Ізраілі, не шчыміцца пад плінтус.
У нас з’явіўся свой Нобелеўскі лаурэат,  але  дзяржаўнаму чынавенству ўславіць геній зямлячкі няма калі, усё круціцца вакол біятлона.
Магчыма, фірма “Марко” справіцца з заданнем сшыць і склеіць лыжныя бацінкі. Але верыць, што ў Целяханах здолеюць выпускаць прыдатныя лыжы, могуць толькі людзі, загіпнатызаваныя ўказаннямі Лукашэнкі. Нашы лыжнікі і на самых лепшых у свеце не бегаюць, а поўзаюць (у параўнанні з чэмпіёнамі), а ўжо на сваіх… Лепш на сваіх дваіх, бо рукі ў лыжных майстроў растуць не адтуль.
Падсумоўваеш пачутае, а што ж будзе, што трэба?   
Падобна, што спорт для Аляксандра Лукашэнкі стаў заняткам нумар 1. Калі ўжо і сяўба яго не так моцна трывожыць… Нічога добрага чакаць не выпадае. Колькі такіх нарад праведзена па хакею, і дзе той беларускі хакей?!
Стварыце ўмовы для школы. Вырастуць чэмпіёны – добра, не – абыйдземся. Абы дзеткі раслі здаровымі і разумнымі.
Тэлевізійны вечар заканчваўся “Клубам рэдактараў”. Балабоністы Давыдзька, манументальны Жук з адказамі ў выглядзе цытат прэзідэнта,  астатнія – бляклая падтанцоўка.
 




Copyright © 2009 - 2012 Status-X All rights reserved | Powered by CMS Status-X 1.04