Свободный Профсоюз Металлистов
Свободный Профсоюз Металлистов
Организация независимого профсоюзного движения
Членская организация Ассоциации профсоюзов
«Белорусский Конгресс демократических профсоюзов»



БАРЫСАЎ У ІРЖАВЫМ ПОЯСЕ КРЫЗІСУ




 
Праграма камандзіроўкі ў Барысаў была невялікай, але змястоўнай. Перад выездам папрасіў калегу, журналіста і адмысловага кінасцэнарыста Паўла Магіліна пабыць своеасаблівым гідам у знаёмстве з некаторымі праблемамі горада.
Першая сустрэча за шклянкай гарбаты з самай раніцы з рабочым завода “Аўтагідраўзмацняльнік” Аляксандрам Дражэнка. Сорак гадоў працоўнага стажу, вышэйшая кваліфікацыя, прага да справядлівасці – гэта толькі некаторыя рысы партрэта гэтага цудоўнага чалавека. Яму, дарэчы, ісці на завод у другую змену, таму мы пачынаем размову без лішніх прадмоў.
 
ЭКСПЕРЫМЕНТЫ ПАЧАКАЮЦЬ  - ДЗІРКІ
 Трэці цэх у нас самы праблемны. Праца цяжкая, там вырабляюць рулявыя механізмы. Рабочы  цэлую  змену цягае  металічныя балванкі, вагой  кілаграмаў па пятнаццаць. І вось іх штук дзвесце за змену паднімаеш  на стол станок і здымаеш адтуль.  А ты ж не грузчык.
 Дзіўна, але, каб выканаць вытворчую праграму ў гэты самы 3-ці цэх па разнарадцы пасылаюць работнікаў з другіх падраздзяленняў. Мяне туды накіроўвалі некалькі разоў. Форма павіннасці. Прыходзіць туды чалавек на месяц, ён ведае, што часова, адносіны да задання, як да пакарання. Неэфектыўны прыём. Чаму не бяруць туды новых работнікаў, дакладна сказаць не магу. Магчыма, каб не парушаць паказнік па аптымізацыі…
Такім жа чынам затыкаюць кадравыя дзіркі ў 2-м, 8-м цэхах, а зараз і ў 5-м. Масавая з’ява.
Пра якасць станкоў і гаварыць няма чаго – пазаўчарашні дзень. У маі нашаму заводу спаўняецца 50 гадоў, то многія станкі равеснікі прадпрыемства.
Паабяцана рабочым, праўда, пакуль што няўцямна, прэмія к юбілею.
Пра другія ўрачыстасці нічога невядома, кажуць толькі, што надрукуюць кнігу. Застаецца толькі здагадвацца, колькі ў тым творы будзе праўды.
Лозунгаў на заводзе не відаць. У мінулым годзе “Аўтагідраўзмацняльнік” трапіў, як гаворыцца, у чорны спіс, мы былі віннымі  Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва больш 8700 з хвосцікам мільёнаў недэмінаваных рублёў па выніках першага паўгоддзя. У прэсе над намі падсмейваліся: рэкардсмены раёна, вобласці і краіны.
Але завод здолеў выправіць становішча. У першым квартале бягучага году запазычанасць ліквідавалі
 
Атмасфера на прадпрыемстве ўстойліва варожая да праяў дэмакратыі. Перад 25 сакавіка да мяне асабіста прыходзіў намеснік дырэктара па ідэалогіі цікавіўся аб маім магчымым удзеле ў акцыях пратэсту, засцерагаў ад паездак у Мінск. Кажу яму, ну, гэта ж мая справа. Хіба вы не згодны з тым, што сітуацыя ў нас  ахавая, на заводзе і ў краіне. Згаджаецца, праблемы ёсць. Чаму ж тады ўлада не хоча прыслухоўвацца да голасу рабочых?!
Заробак на заводзе мізэрны, даўно не павышаўся. Напрыклад, у мяне сорак гадоў стажу, шосты разрад фрэзероўшчыка. А заробак усяроўна, як у вучня: у лепшым выпадку чыстымі 400-450 рублёў. Да абяцанай тысячы, ой, як далёка.
Наш участак мае статус вопытнага, мы дзейнічаем у цесным кантакце з канструктарамі. У цэхах на лініі заробкі яшчэ меншыя. Праца інжынераў абясцэнена ўвогуле. Прыходзіць на завод малады канструктар, яму налічваюць за месяц аж 260 рублёў. Згодзен, што першыя два-тры месяцы яны асвойваюцца,  але ж потым, асабліва на лініі, яны выконваюць той жа аб’ём працы, што і вопытнейшыя калегі.
Нядаўна пачуў неафіцыйную навіну: у дырэкцыі ўзнікла жаданне ліквідаваць канструктарскае ўпраўленне, інструментальных цэх. Пад такім соўсам: мы выраблялі рулі 30 гадоў і яшчэ нейкі час будзем вырабляць. Навошта галовы ламаць над новымі?!
Я сустрэў намесніка дырэктара па ідэалогіі і кажу: “Няма канструктараў – няма завода!” Ён згадзіўся, але невядома, як далей разгонуцца падзеі.
Зараз у свеце з’явіліся прынцыпова новыя рулявыя механізмы, электрычныя. Каму мы будзем патрэбнымі са сваімі старажытнымі канструкцыямі? Дзе  можа апынуцца завод без увагі і павагі да канструктарскай думкі?!
 
Канкрэтна на маім участку раней працавала 15 рабочых. Хто звольніўся, хто на пенсію  пайшоў. Ён афіцыйна лічыўся элітным, эксперыментальным. Так, у мінулым рабочы працэс выглядаў чараўніцтвам. Са звычайных металічных балванак выраблялі адметныя насосы. Аднойчы нават да драбніц паўтарылі канструкцыю, што ставіцца на “крайслер”. Зараз завод трымаецца на старых распрацоўках. Хаця існуе ўпраўленне са статусам эксперыментальна-канструктарскага. У прамысловасці спыніцца раўназначна таму, што адстаць, прытым, безнадзейна. Вопытнымі кадрамі затыкаюць дзіркі. Мне давялось апошнім часам працаваць у 3-м, 8-м і 2-м цэхах. Хіба ж гэта па-гаспадарскі.
Калі прыходзіш у цэх масавай вытворчасці, то адчуваеш усімі органамі, у якім заняпадзе мы апынуліся. Стан станкоў і другога абсталявання такі, што словы цяжка падабраць для іх  характарыстыкі. Фрэзерны станок, які мне давялося абслугоўваць, мае 13 гадоў. Дык гэта яшчэ маладзён, наўё!
 
Калі раней дэталі з нашага завода ішлі напрамую на КАМАЗ, то цяпер шлях стаў звілістым: гатовыя вузлы перавальваюць праз гандлёвы дом БАТЭ.  “Аўтагідраўзмацняльніку” ад навацый – адны страты, дадатковы, небясплатны пасярэднік.
Не так даўно, у сакавіку на заводзе ўзнікла трывожная чутка, нібыта  кіраўніцтва завода трапіла ў аблогу, некаторых быццам бы нават  за краты часова змясцілі. Таму былі падставы: кантралёрам не спадабалася закупка абсталявання, па дакументах яго аформілі айчынным, а на справе яно было імпартным.
Хто і як у камбінацыі разбіраўся, але зразумелі, што наш завод пазбаўлены самастойнасці і ніхто з кіраўніцтва так брудна камбінаваць з дакументамі і грашыма не мог. Падазрэнні знялі. Ці ўзнікалі прэтэнзіі да холдынгу “Аўтакампаненты”, мне невядома.
Заводскія склады пустыя, прадукцыя ахвотна набываецца расійскімі і беларускімі прадпрыемствамі. Чаму ж такія бедныя заробкі ў працаўнікоў? Чаму так па-чарапашаму абнаўляецца абсталяванне, тэхналогіі?
На мой погляд, адна з прычын – дарэмныя спадзяванні на стварэнне холдынгу “Аўтакампаненты”. Ён для нас толькі цяжкасці стварае.
Нядаўна паспрабвалі выпускаць новы для нас від – вуглавы рэдуктар для аўтобуснага завода ў расійскім Лікіна.
Выгадны заказ атрымалі, а ў інжынерным сэнсе падрыхтоўкі не зрабілі. Конь не валяўся, і мы вымушаны былі ўручную і на універсальным абсталяванні, выконваць серыйны заказ. У суботу і нядзелю, не гаворачы ўжо пра звычайныя дні, панаваў  аўрал.
 
 
 
Свабода слова па-барысаўскі
 
Павел Магілін  працаваў і у заводскім друку, у газеце БАТЭ. І звольнены быў адтуль, што недзіўна ў нашай краіне, за веру ў свабоду  прэсы.
Завод БАТЭ, не гледзячы на значныя фінансавыя прэферэнцыі ад урада, трапіў у складанае становішча. Рабочым прапанавалі ўвесь заробак альбо частку яго атрымаць харчамі. Прапанавалі   галоўкі сыру. Нататку пра замену грошай сырам перадрукавалі нават замежныя  газеты.
Кіраўнік завода спачатку дапытваўся, адкуль рэдакцыя даведалася аб прэферэнцыях і аб незвычайнай форме заробку,  лаяўся так, што сцены ходырам хадзілі.
Павел Магілін вымушаны быў сыйсці на вольны хлеб.
 
ІРЖАВЫ ПОЯС
Яму добра вядома становішча барысаўскіх прадпрыемстваў. Прамысловы горад, лічыць ён, і не толькі ён, трапіў у пояс беднасці, у іржавы пояс. За апошнія гады колькасць насельніцтва зменьшылася амаль на 20 тысяч чалавек. З’язджаюць, як правіла, маладыя і здаровыя.
Упершыню ў Барысаве ў гэтым годзе колькасць беспрацоўных пераваліла за тысячу чалавек. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Яўген Яначкін у мясцовай прэсе паведаміў, што па стану на 3 мая спецыяльна створаная камісія дапамагла знайсці занятак 215 чалавекам, 48 накіраваны на перавучванне.
 Яначкін лічыць сітуацыю з беспрацоўем стабільнай, кіруемай. На адну вакансію прэтэндуюць два зарэгістраваных беспрацоўных. Падкрэслім, зарэгістраваных. Чалавек, які звальняецца з працы па значных для яго прычынах, у якасці беспрацоўнага не рэгіструецца.
Кіраўніцтва раёна сцвярджае, што людзі без хлеба не застануцца, заўсёды можна атрымаць працоўнае месца ў былых калгасах
Калі “Аўтагідраўзмацняльнік” здолеў ліквідаваць запазычынасць, то больш дзесятка суб’ектаў гаспадарання разлічыцца з фондам не могуць.
І ўвогуле барысаўская прамысловасць у незайдросным стане. У прэсе, мясцовай і сталічнай, неаднойчы называлі завод БАТЭ – прадпрыемствам-зомбі, фабрыку піяніна – “бяльмом на воку”
 
  |   |    
http://ex-press.by/img/comm.gif
|      
 
Маёмасць фабрыкі музыкальных інструментаў выстаўлялі на аукцыён не адзін раз, але жадаючых купіць яго не знайшлося.
У той жа час знізіць кошт немагчыма, бо за ім лічацца вялікая запазычанасць, на якую разлічваюць крэдыторы.
Шырока вядомыя скандалы, што суправаджаюць прадпрыемства “Барысаўдрэў”.
Павел Магілін так пракаментаваў становішча: “Завяршэнне шматгадовай мадэрнізацыі, змена кіраўніцтву не дапамаглі сумна вядому ААТ выбрацца з фінансавай ямы. Па стану на 1 лютага 2017 года “Барысаўдрэў” значыцца ў спісе суб’ектаў гаспадарання Мінскай вобласці, якія маюць запазычанасць па падатках, зборах і пені. Нагадаю, што мадэрнізацыя завяршылася яшчэ ў 2014 годзе. Называўся яе кошт – 109 мільёнаў еўра.
Сума немаленькая, да таго ж прадпрыемства неаднойчы атрымлівала бюджэтнае падмацаванне.
Эканамісты перакананы, што сродкі выкарыстоўваюцца неэфектыўна. У народзе ж кажуць, грошы марнуюць, бо не свае.”
МікалайЗЯНЕВІЧ


 
 
 



27.05.2017











spbpolack.ru – Свободный профсоюз - Полоцк.



Белорусский конгрес демократических профсоюзов -  www.bkdp.org




Представляем вашему вниманию статьи, отображающие мнения конкретных людей - это профсоюзные активисты, политики и просто не равнодушные...

Все статьи >>



Свободный профсоюз металлистов (СПМ)объединение работников отраслей народного хозяйства
связанных с металлом.



Главная  |  О профсоюзе  |  Газета «Рабочее слово»  |   Фотоархив  |  Контакты

При перепечатке материалов, активная ссылка на сайт обязательна.
Copyright © 2006-2016


Контакты
Республика Беларусь
г.Минск, ул.Якубова, 80-80
Наши телефоны: +375 (29) 6238204, +375 (29) 3405570
CMS Status-X