Свободный Профсоюз Металлистов


http://www.spm-by.org/articles/1/97/shod-tyh-hto-padarava-nam-prez-denta/

Версия для печати / Оригинальная версия





Сход тых, хто падараваў нам прэзідэнта

Субота, 9 лютага.
У некалькіх кроках ад выхаду з метро “Пятроўшчына” сустракаю Уладзіміра  Мікалаевіча. Прафсаюзны актывіст, ён нямала сіл змарнаваў у недалёкім мінулым  для стварэння палітычнай партыі, якая б абараняла пенсіянераў. Ды дзе ж там! У нашай краіне на гэтым накірунку вялізны шлагбаум. Калі тваё прызванне актывіст, то ў цябе невялікі выбар, ад камер на Акрэсціна да турмы ў Жодзіна.
Учора  Уладзімір Мікалаевіч з жонкай сабраўся на могілкі, дзе ў мінулым годзе пахаваў дачку (гора дык гора), а зараз, аплаціўшы дзве тысячы з ладным хвастом рублёў, заканчвае афармляць сваё права, жаданне бацькоў,быць пахаваным побач з дачушкай. Жыццё дарагое, і смерць, аднак, нетанная…
І гэта праблема тычыцца не аднаго Уладзіміра Мікалаевіча, а мільёнаў чалавек у Беларусі, большасці пенсіянераў і маладых работнікаў.
 Мой шлях у IBB імя Гётэ, дзе павінен адбыцца сход  дэпутатаў 12 склікання.
Сустрэча адбылася і атрымалася цікавай, як для мяне асабіста.  Бо  ад першага пасяджэння Вярхоўнага Савета  ў  1990  і да снежня 1994 гадоў быў парламенцкім аглядальнікам, у асноўным, “Народнай газеты”.
Пачыналася сустрэча  з  арганізацыйнага непаразумення. Спачатку з’явіўся зварот да дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 склікання. Абраннікаў наступнага прызыву  запрашалі  дадаткова, ўпрытык, перад самым пачаткам. Гэта ратавала сітуацыю, разам  на заклік адгукнулася каля 50 дэпутатаў. Паляпшалася колькасць і якасць.  У апошнім складзе Вярхоўнага Савета і да гэтага дня ёсць яшчэ маладзейшыя палітыкі, поўныя энергіі. Інакш  атрымаўся б сход сівагаловых , сход наймудрэйшых, але аслабелых фізічна. Так яно ёсць і нікуды ад гэтага не схаваешся.
Не абыйшлося без загадак, якія апошнім часам сталі называць канспіралагічнымі.
Ад некалькіх чалавек сам чуў пытанне, як ад дэпутатаў, так і ад журналістаў, хто ж насамрэч ініцыятар падзеі? У стварэнні версій фантазіі багата. Ёсць нават такая: да арганізацыі форуму нібыта  спрычыніўся былы (а мо і не былы) паплечнік  Аляксандра Лукашэнкі (абое ж таксама былі  дэпутатамі). Ды ён быццам бы выказаў неахайную прапанову: аплаціць пачастунак у рэстарацыі “Вестфалія”, што было рашуча адвергнута. Так танна  дэпутаты не прадаюцца.
Паўтаруся, гэта ўсяго толькі версія.
Хаця па-ранейшаму знаўцы канспіралагічных версій шукаюць, якую выгоду для сябе можа знайсці рэжым?
Летам мінулага года адбылася сустрэча дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 склікання у значна меншым складзе. Вядома, што сярод  іх былі такія розныя асобы, як  Іван Каратчэня і Алег  Трусаў, Іосіф  Сярэдзіч і Уладзімір Грыбанаў…
Мне вядома, што  меркаванні  аб магчымым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі на сустрэчу былі палярнымі.І не  прывялі да згоды.
 
 
Было цікава сустракаць мужчын, па-мойму, з’явілася толькі адна жанчына, і мне невядома яе прозвішча. Калегі паспяшылі залічыць у дэпутаты карэспандэнтку Бі-Бі-Сі, нашу зямлячку. Сустракаць і адгадваць, каго ж гэта так змяніла маці-прырода. Хаця ў большасці выпадкаў  у адгадках  не было патрэбы. Ясна, што з’явіліся тыя, хто і раней не адседжваўся ў  тылах, і зараз захаваў баявы дух.
Станіслаў Багданкевіч, Мечыслаў Грыб, Васіль Шлындзікаў, Сяргей Антончык, Валянцін Голубеў, Лявонцій Зданевіч, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Сяргей Калякін, Аляксандр Бухвостаў, Мікола Крыжаноўскі, Мікола Аксаміт,  Іосіф Сярэдзіч, Генадзь Цярэня, Леанід Юнчык, Аляксандр Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, Павел Знавец, Віктар Хоміч, Алег Трусаў, Пятро Садоўскі, Анатоль Вярцінскі, Сяргей Папкоў, Аляксандр Сасноў, Іван Герасюк…
Важкай падставай для сустрэчы (і больш, чым надзённай) стала 25 годдзя прыняцця Канстытуцыі незалежнай Беларусі.
Узгадвалі рознае, як прыемнае ад таго, што Канстытуцыя нараджалася ў пакутах і усё-ткі нарадзілася, так і не вельмі прыемнае, ад таго, што працэс быў пакутлівым, гучаў пералік грахоў, у тым ліку і тых, хто знаходзіўся ў зале.
Але спрэчка не пералівалася праз край прыстойнасці. Трэба згадзіцца, што яна не была лішняй. Як жа без поўнай праўды?! Напрыклад ад таго, што Асноўны дакумент знявечылі прышытым у тэмпе шалёнага аўралу раздзелам аб прэзідэнцтве. Высёрбваем тое – высербаць не можам.
Усе выступы, у прынцыпе, былі цікавымі. Зачыталі і тэкст паслання ад Зянона  Пазьняка.
Што надае аптымізм, кволы, але аптымізм. Ёсць намер стварыць дэпутацкі клуб альбо дэпутацкую асамблею. Прагучала, што за імі неаспрэчная маральная перавага ў легітымнасці. Усё, што адбывалася пасля іх  прававая мякіна, шалупайкі, што і даказваць асабліва не трэба.
Суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў выказаў пажаданне аб адраджэнні выбараў парламента 14 склікання, які здолее вярнуць краіну ў рэчышча законнасці і эфектыўнага парламентарызму.
Спікерам ад рэжыму, не ведаю,добраахвотным альбо прызначаным, выступаў на сходе дэпутат  12 склікання Цялежнікаў (імя там не спытаў і нідзе не знайшоў потым, няма прозвішча ні ў спісе дэпутатаў, ні ў Вікіпедыі).
Ён адзін з тых, умоўна кажучы, “маладых ваўкоў”, што кінуліся некалі ў выканаўчую ўладу шукаць сваё шчасце. Не ведаю, наколькі пошук шчасця ўдаўся асабіста Цялежнікаву, але ён двойчы браў слова на сходзе.  Браў, каб нагадаць, што Беларусь стаяла перад звальваннем у бездань, рэжым Лукашэнкі ўтрымаў яе ад катастрофы і трымае зараз у стане стабільнасці, што павінна ацэньвацца станоўча і з удзячнасцю. Бо інакш вайна і нягоды.
Усяроўна, як яму невядома, што стабільнасць па-беларускі – гэта панаванне беззаконня, жабрацтва для многіх і многіх, адсутнасць дэмакратыі… Стабільныя яшчэ перамогі спартовых каманд, у якія ўваходзіць Аляксандр Лукашэнка.
Прысутным прапанавалі скінуцца па 20 рублёў, каб аплаціць арэнду памяшкання, было відаць, што не ўсе змаглі адгукнуцца.
Настаў час абеду. Некалькі чалавек  вырашылі зайсці ў рэстарацыю “Вестфалія”. Астатнія разбрыліся, хто куды…
 
 
 
 
 

 

от 10.02.2019







Copyright © 2009 - 2012 Status-X All rights reserved | Powered by CMS Status-X 1.04