Вам нешта снілася гэтай ноччу? Мо ўбачылі праявы шчасця?
Новы ўрад – гэта ж больш, чым новая камізэлька.
1. Аўтары з тытуламі ўжо абрадаваліся, бо ўзмоцнены рынкавы блок. Але ці варта спяшацца з плясканнем у ладкі і шпурляннем бейсболак пад неба? Мільёны разоў у роднай Беларусі казалі “рынак” – і заставаліся са сваім базарам.
2. Аляксандр Лукашэнка з кожным такім крокам усё больш узмацняе сваю аднаасобнасць, легімітызуе ў мазгавешках грамадзян сваю царскую сутнасць. Няма класічных прыкмет дыктатуры? А навошта яны? Дастаткова і таго, што нікому, ніводнай структуры ў галаве не торкне сказаць нешта супраць.
3. Што можна сказаць, напрыклад, пра ролю парламента (з прыдыхваннем, аж двухпалатнага!) у рознага кшталту пераменах? Чаму ж, мы бачылі, як борздзенька ўскоквае з месца, каб выцягнуцца ў фрунт Уладзімір Андрэйчанка. Мала? А большага чакаць не даводзіцца.
4. Для аматараў вальнадумства была праведзена су стрэча Наталлі Качанавай з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. Па хранометру не звяраў, але ў Сеціве паведамленні аб новым прэм’еры і аб грамадскім талкаванні пра кадравыя перамены з’явіліся ці не адначасова. Карацей, уплыў аднаго на другое не відавочны.
5. Ды і паглядзіце, хто прадстаўляў тое грамадства?! Як бы тое ні было крыўдным, але аутсайдэры. Пані Шчоткіна, як уладальніца казачнага палацу. Давыдзька, як дэгенератар тэлевізіі. Арда, як арганізатар уборкі тэрыторыі вакол Кургана Славы і абяцаннік зрабіць тое ж самае ў Курапатах. Але Зайдэс у гэтай справе яго апярэджвае. А, яшчэ ланцуг канцэртаў у гонар года малой радзімы. Штрэйбрэхерства, а не прафсаюзная дзейнасць. Мог хто-небудзь з гэтай кампанні сказаць нешта, не тое, каб упоперак, але хаця б не зусім ужо з абсалютным залізам?
6. Румас, безумоўна, на тле другіх выклікае сімпатыю. Ну, у футболе, як было ніжэй плінтуса (любімы выраз беларускага чынавенства), так і не паднялося вышэй. Але на заводах апрацоўкі драўніны (прорва беларускай эканомікі), калі верыць маланадзейнай статыстыцы, заўважаны станоўчы зрух. Рэнтабельнасць паднялася ў дыяпазон ад мінус 10 адсоткаў да 0. Што азначае: перамены не ў скідваннях пешак-дырэктараў і ссылак мінскіх вяльможаў (абяцаных, некалі Батуры, сягоння Воўка) са сталіцы ў правінцыю, а ў разумовых пошуках выйсця.
7. Але зараз на плечы Румаса ўзвальваецца не толькі апрацоўка дрэў. Ці ведае грамада, дапусцім, што нацыянальнае багацце – лес – пад вялікай пагрозай? І уявіце сабе, што пошукамі караеда па-ранейшаму займаецца шэраговы ляснік, задраўшы галаву ўгору, к вершалінам хвоек? Грошай на дроны і сучасную методыку ранняй выявы тагож караеда няма. І гэта далёка не ўсе праблемы.
8. Вечны кіраўнік планёрак на заводах Уладзімір Сямашка пакінуў пераемніку сярод іншага і значную праблему, напрыклад, Бабруйска. Стратнасць “Белшыны” апошнім часам узвілася ў 65 разоў. Гэта вам не інструментальны завод у Оршы!
9. Ці шчаслівым быў-будзе Румас, першы раз прачнуўшыся ў званні прэм’ера? Пра яго анічога не ведаю. Мяркую, тым не менш, што новыя назначэнцы не павінны моцна непакоіцца за свій асабісты лёс. Вунь, віцэ-прэм’ер Жарко, колькі грахоў нажыў, а ўсяго толькі – мяккі выкінштэйн з крэсла. Мо ў другое. Не зусім прыемныя словы ўслед, але рыторыка – не штраф нават, можна перажыць. Сваіх у вярхушцы, выходзіць, не кідаюць.
10. Рынак – гэта цывылізацыйная прыкмета. Яму характэрныя не толькі паррадак на заводах, але і новыя адносіны ў грамадзе. Вы заўважылі, што нечапаным застаецца блок так званых сілавікоў. Што гэта азначае? Застаецца стаўка на карны ціск на вольнасць думак і, тым больш, паводзін. Палітычныя рухі будуць вымазвацца па-ранейшаму крымінальным паскудствам. Адвакатаў не будуць слухаць з іх рэзонамі. Міліцыянты будуць старанна ілжэ-сведчыць. Акрэсціна, Валадарка і Жодзіна пуставаць не будуць. За гніллё ў арміі будуць спаганяць з сяржантаў.

11. Тысячу разоў мае рацыю Аляксандр Класкоўскі, які прапанаваў параўнаць рэакцыю на змену казённыя СМІ і СМІ вольныя. Пустка і рэй з палярнымі, самымі рознымі выказваннямі. Цвіль-гніль і свабода . Дык і дзе прэса, а дзе аддзел заімшэлай прапаганды